ЗЯЛЕ́НІЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер. солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.

Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)